Маладая Беларусь
Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны ўзьняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.
І ў час буры, нягод і вялікіх надзей
Зацьвіла, расьцьвіла даўгажданая,
І крыніцай жывой над Айчынай сваёй
Паплыла, пацякла неспыняная.
Наплыла, пацякла з сьветлай казкай жыцьця,
Полем, лесам, гарой і далінаю,
С свойскіх кветак-пралесак – карона твая,
Ўся сама – ясната лебядзіная.
Зіхаціш і гуслярнаю песьняй зьвініш,
Узьнімаеш мінуўшчыну даўную;
Час сягоняшні ўперад ісьці не пыніш
І глядзіш смела ў будучнасць тайную.
Сьмела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет,
Сеяш ласкава сны залацістыя;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
Не пужае пуціна цярністая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўленьня павевы расходяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасьць, што лепшы дзень родзіцца.
Ўжо ня так тапары у зялёным бары
Хвойкі валяць зімой маразянаю,
Ўжо ня так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпаную.
Значан гарт у руках, чутна песьня бяз слёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
Наўсяды людзьмі новымі пішацца.
Расьцьвітай жа, ўзьнімай на арліных крылах
Душы, сэрцы і думы заспаныя,
Вызывай, выклікай на вялікі працяг
Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.
Высылай рассылаі, на край сьвет пасланцоў,
Як з гнязда сакалінага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хаі грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полі, ў лясах ці, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Косьці вецер тачыў непакрытыя.
Падымайся зь нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нязгодамі,
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!
Янка Купала
|
Maładaja Biełaruś
Volny viecier napieŭ volnych piesień tabie,
Bor zialony ŭźniaŭ družnym homanam,
Sonca polymiem vyzvała k słaŭnaj siaŭbie,
Zory vieru ŭłiłi siłam złomanym.
I ŭ čas bury, niahod i viałikich nadziej
Zaćviła, raśćviła daŭhaždanaja,
I krynicaj žyvoj nad Ajčynaj svajoj
Papłyła, paciakła niespynianaja.
Napłyła, paciakła z śvietłaj kazkaj žyćcia,
Polem, lesam, haroj i dałinaju,
S svojskich kvietak-pralesak – karona tvaja,
Ŭsja sama – jasnata lebiadzinaja.
Zichaciš i huslarnaju pieśniaj źviniš,
Uźnimaješ minuŭščynu daŭnuju;
Čas siahoniašni ŭpierad iści nie pyniš
I gladziš śmieła ŭ budučnasć tajnuju.
Śmieła ŭ soncy idzieš, jak žyvy ahniaćviet,
Siejaš łaskava sny załacistyja;
Nie pužaje sumiežny dakučny susied,
Nie pužaje pucina ciarnistaja.
Ad miažy da miažy, ad kapca da kapca
Abnaŭleńnia pavievy raschodiacca,
Abnimaje dušu biez hranic, biez kanca
Maci-radaść, što lepšy dzień rodzicca.
Ŭžo nia tak tapary u zialonym bary
Chvojki valać zimoj marazianaju,
Ŭžo nia tak kasary ad zary da zary
Łetam zvoniać kasoj adklapanuju.
Značan hart u rukach, čutna pieśnia biaz sloz,
Hrudzi słavy nadziejaj kałyšucca,
Ŭ knihi novy zakon jomka piorami z kos
Naŭsiady ludźmi novymi pišacca.
Raśćvitaj ža, ŭźnimaj na arłinych kryłach
Dušy, sercy i dumy zaspanyja,
Vyzyvaj, vykłikaj na viałiki praciah
Siłu, viedźmaj-piatloj nie čapanuju.
Vysyłaj rassyłaj, na kraj śviet pasłancoŭ,
Jak z hniazda sakałinaha sokałaŭ,
Chaj latuć, dalatuć da bajcoŭ-udałcoŭ,
Chaj hrymiać viestkaj dobraju ŭvokała.
Hodzie ŭ połi, ŭ lasach ci, staronka, i tak
Siratoj načavała zabytaju,
Hodzie vypiŭ kryvi z serca kryŭdy čarviak,
Kości viecier tačyŭ niepakrytyja.
Padymajsia ź nizin, sakałina siam’ja,
Nad kryžami baćkoŭ, nad niazhodami,
Zanimaj, Biełaruś maładaja maja,
Svoj pačesny pasad miž narodami!
Janka Kupała
|